ХАЛО́ДНАЯ ЗВА́РКА,

спосаб зваркі матэрыялаў ціскам без іх нагрэву (пры хатняй т-ры і ніжэйшай за 0 °C). Робіцца за кошт пластычнага дэфармавання (цякучасці) паверхняў сутыкнення матэрыялаў пры іх сцісканні. Выкарыстоўваецца для злучэння дэталей з пластычных металаў і сплаваў (у т. л. разнародных), пластмас і інш. Найб. пашырана Х.з. алюмінію. Халоднай называюць таксама дугавую зварку чыгунных дэталей без папярэдняга нагрэву.

Пры Х.з. дэталі з вял. зварным сячэннем сціскаюцца на прэсах (ціск 1 ГПа і больш), з невял. сячэннем — кляшчамі. Пры сцісканні матэрыялы цякуць (як вадкасць) уздоўж паверхні раздзелу, паверхневыя слаі разбураюцца, а наступныя чыстыя слаі ўтвараюць злучэнне. Х.з. зварваюцца металы з гранецэнтраванай кубічнай рашоткай (алюміній, медзь, нікель, серабро), некаторыя пластмасы, смолы і інш. Х.з. разнародных металаў дае магчымасць пазбегнуць утварэння ў месцы злучэння крохкіх металідаў. Х.з. злучаюць правады, каркасы і абалонкі буйных канструкцый, танкасценныя алюмініевыя трубы і інш.

т. 16, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)